Аргенціна і Уругвай сталі першымі краінамі Меркасур, якія ратыфікавалі гандлёвае пагадненне з ЕС. Цяпер усе вочы скіраваны на Еўрапейскую камісію, якая можа пачаць часова ўжываць пагадненне з краінамі Лацінскай Амерыкі.
Раней Брусэль заявіў пра свой намер гэта зрабіць, не чакаючы ўхвалення пагаднення Еўрапейскім парламентам і ацэнкі пагаднення Судом ЕС. Гэтая паспешлівасць выклікала крытыку, як і само пагадненне.
Пагадненне ЕС з Меркасур – Аргенцінай, Бразіліяй, Парагваем і Уругваем – ліквідуе гандлёвыя барʼеры і тарыфы на больш чым 90 працэнтаў тавараў. Яно было падпісана больш за месяц таму.
«Існуе відавочная неабходнасць забяспечыць як мага хутчэйшую рэалізацыю пераваг дадзенага пагаднення», – заявіла тады старшыня Камісіі Урсула фон дэр Ляен.
Згодна з заканадаўствам і працэдурамі, пасля таго, як дзяржавы-чальцы ЕС ухвалілі пагадненне, супраць чаго галасавала Польшча, ратыфікацыі хаця б у адной дзяржаве Меркасур дастаткова для таго, каб пагадненне пачало часова дзейнічаць праз два месяцы. «Мы будзем гатовыя, калі яны будуць гатовыя», – падкрэсліла Урсула фон дэр Ляен.
Такім чынам, ратыфікацыя Аргенцінай і Уругваем адкрывае шлях да часовага выкарыстання пагаднення. Калі Камісія вырашыць зрабіць гэта, не чакаючы рашэння Еўрапейскага парламенту і Суда ЕС, яна можа падвергнуцца абвінавачванням у парушэнні дэмакратыі. Усё гэта можа скончыцца яшчэ адным канфліктам унутры ЕС з-за Меркасур.
ПР/юл